У гіт-парад трапляюць альбомы беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні год. Агулам зьбіраецца 12 удзельнікаў туру - г.зв. тузін. Удзельнічаюць альбомы беларускамоўных (часткова беларускамоўных) выканаўцаў, а таксама канцэптуальныя складанкі песень, выдадзеныя за гэты час. З 2019 году разглядаюцца таксама міні-альбомы з 4-7 трэкаў, EP.
Кожны тур гіт-параду цягнецца каля трох месяцаў і адпавядае пары году (восень, зіма, вясна). Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня, чарт абнаўляецца цалкам, і галасаваньне пачынаецца спачатку. Улетку праводзіцца мэгатур па вызначэньню найлепшага альбому, у якім удзельнічаюць усе рэлізы сэзону.
Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні ў гіт-парад альбомаў на TuzinFM рэдакцыя парталу пакідае за сабой.
Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў весьці шчырую барацьбу. Галасаваць можна зарэгістраваным на сайце карыстальнікам, а таксама зайшоўшы ў свой акаўнт ў сацыяльнай сетцы (Facebook, УКантакце) адзін раз на суткі, абіраючы адзін, два або тры альбомы.
Unplugged 2
Альбом «Unplugged 2» ад гурта BosaeSonca прапануецца разглядаць як працяг лайв-экспэрымэнту ў выглядзе альбому «Адпусьці», але пры тым яна дужа розьніцца ад папярэдняга дыску.
Repeat
«Repeat» — першы альбом для гурту Hurma, які рыхтаваўся да выданьня ад перамогі музыкаў у намінацыі «Дэбют» на прэміі «Героі году — 2013».
Проста вер
«Проста вер» — гэта 10 кампазыцыяў, вытрыманых у ангельска-амэрыканскай стылістыцы, але перапрацаваных у беларускіх традыцыях.
Рэха
Dzieciuki адыгрываюць ролю, якую ў другой палове 90-х выконваў N.R.M. Толькі яны яшчэ больш заглыбляюцца ў гістарычны кантэкст. Іх мэта — расказаць, пазнаёміць, уславіць. Ніякай іншасказальнасьці і сэнсавага напластаваньня.
Маленьне за Беларусь
Колішні ўдзельнік ансамблю «Песьняры» і гурту Rouble Zone Аляксандар Віслаўскі прэзэнтуе на tuzin.byculture.org альбом на вершы Рыгора Барадуліна, які запісаў ягоны новы праект Studio Neman.
Vir
Другі дыск рэпэра, запісаны празь перапынак амаль у 6 гадоў, стаў безумоўнай падзеяй у беларускай музыцы.
Magister Bibendi
Павал Булатнікаў і кампанія пасьпяхова здалі экзамэн на права кіраваньня суднам, якое пакінуў капітан.
Лекавыя травы
У сваім новым альбоме «Лекавыя травы» гурт Re1ikt заносіць слухача ў беларускі Іншасьвет, дзе растуць цудадзейныя травы, гуляюць жывёлы надзвычайнае пекнаты ды дзеецца таінства.
Чырвоны штраль
Лявон з «Крамбамбуляю» далучыўся да руху музычнага непадпарадкаваньня, якому колісь паклаў пачатак разам з N.R.M. Ягоная сёньняшняя каманда выправілася ў лясы, дзе ўжо заселі атрады Brutto i Dzieciuki.
Родны край
Каманда Міхалка пакінула ў спакоі спартовую тэматыку. Цяпер музыкі граюць у «партызан-рок» — тэму для беларускай музыкі ўжо ня новую.
Maukliva
Гэтыя хлопцы займаюцца хутчэй ня музыкай, а жывапісам. Толькі што замест пэндзля ў іх інструмэнты, а замест фарбаў — рознага кшталту гукавыя эфэкты.
Сьвята на дваіх
Юры Несьцярэнка сам сабе зрабіў падарунак да 50-годзьдзя і выдаў альбом «Сьвята на дваіх» у вельмі рэдкім і дужа смачным фармаце — дуэтным. Тут сабраныя самыя важныя, галоўныя і кранальныя рэчы — свае і адна чужая, выкананыя зь вядомымі і ня дужа выканаўцамі.
Жыта
У новым альбоме гурт Юрася Панкевіча гучыць так, нібы маладым Гаану і Гору замовілі напісаць песьню для «Дажынак-1981».
Прысьвячэньне Майстру
Сёньняшнім «Песьнярам» наканавана няспынна блукаць сярод вербаў і бярозаў, кветку-папараць шукаць ды сьпяваць пра Купалінку ды Кацярынку ў адной і той жа манеры. Работа такая.
Žnivo
Гурт Shuma запісаў знакавы альбом ня толькі для беларускай фольк-плыні, але і для ўсёй нашай музыкі.
Наша песьня
«Наша песьня» выглядае хутчэй на складанку сьпеваў розных гадоў і рознай ступені вартасьці, а не на моцны паўнавартасны альбом, які быў бы магутны настолькі, каб сьвядомыя і напаўсьвядомыя слухачы перадавалі яго з флэшкі на флэшку.
Paspality
Тое, што грае TerraKod, можна назваць фольк-мэталам на экспарт, якім беларускі слухач перакормлены, затое ў захапленьні суседзі. Берасьцейская каманда выдала альбом «Paspality».
Паміж сонцам і хмарамі
Нягледзячы на агульны пазытыўны пасыл, новы альбом гурта Rahis працінаюць лёгкі сум і зьбянтэжанасьць — прыблізна такое ж адчуваеш, калі чытаеш на шыльдзе менскага сэканду «Одежда из Европы».
Бясконцы красавік
Самая яркая беларуская сьпявачка апошняй пяцігодкі выдала ўрэшце дэбютны альбом, які выклікае гнеў у нядобразычліўцаў і не гарантуе эўфарыі і катарсісу даўнім прыхільнікам.
Акустыка
Рома Сухоцкі задаўся амбітнай ідэяй — выдаць альбом дуэтаў з знакавымі пэрсонамі беларускай (і ня толькі) рок-сцэны. Дыск «Акустыка» ня выйшаў правальным. Але і падзеяй яго не назавеш.
Dreamcatcher
У сваім новым альбоме «Dreamcatcher» фольк-казачнікі з Irdorath паказваюць, якім можа быць годны беларускі поп-праект.
На Марс!
На 15-м нумарным альбоме Кульлінковіча няма ані стомленасьці, ані вымучанасьці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадзтве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з унівэрсаму замураваны. А так хочацца ўзьняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом.
Не чакалі
Так, як Зьміцер Вінаградаў, у XXI стагодзьдзі не пяюць. Усе 10 трэкаў альбому выкананыя на адной эмоцыі, узвышана, старанна, асэнсавана, з расстаноўкай і… аднолькава.























