У гіт-парад трапляюць альбомы беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні год. Агулам зьбіраецца 12 удзельнікаў туру - г.зв. тузін. Удзельнічаюць альбомы беларускамоўных (часткова беларускамоўных) выканаўцаў, а таксама канцэптуальныя складанкі песень, выдадзеныя за гэты час. З 2019 году разглядаюцца таксама міні-альбомы з 4-7 трэкаў, EP.
Кожны тур гіт-параду цягнецца каля трох месяцаў і адпавядае пары году (восень, зіма, вясна). Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня, чарт абнаўляецца цалкам, і галасаваньне пачынаецца спачатку. Улетку праводзіцца мэгатур па вызначэньню найлепшага альбому, у якім удзельнічаюць усе рэлізы сэзону.
Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні ў гіт-парад альбомаў на TuzinFM рэдакцыя парталу пакідае за сабой.
Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў весьці шчырую барацьбу. Галасаваць можна зарэгістраваным на сайце карыстальнікам, а таксама зайшоўшы ў свой акаўнт ў сацыяльнай сетцы (Facebook, УКантакце) адзін раз на суткі, абіраючы адзін, два або тры альбомы.
Лірика
Падкрэсьленае дзьвюхмоўе, надзвычайная ўвага да якасьці гучаньня і разьлік на стадыёны. Магілёўская каманда запісала другі альбом ды засьведчыла сваё права звацца гонарам мясцовай альтэрнатыўнай сцэны.
Зорка Вэнэра
Якая краіна — такі і панк-рок. Бяззубы, нясьмелы, несамавіты, нягеглы. Але калі капнуць глыбей, то знойдзеш і прыхаваны пратэст, і тонкую іронію з дуляй у кішэні і проста калясальны драйв, таксама ўсяляк замаскіраваны.
Шукай сваё
Гурт паходжаньнем зь Бярозы выдаў пяты нумарны дыск, у якім рубіць бяздумны і прадказальны «шварцэнэгер-рок» у яго самым стэрэатыпным уяўленьні. У тэкстах — тупа набор дзеясловаў загаднага ладу, часта слаба зьвязаных між сабой і мноства бессэнсоўных клічнікаў.
яМы
Гэты выканаўца на сваёй дзялянцы зрабіў такую ж неверагодную рэч, як у свой час «Песьняры», «Уліс», «Палац» на сваіх. Ён адаптаваў актуальны музычны стыль пад беларускія рэаліі настолькі, што ён стаў сваім.
Swamp Stories
У сваім новым блюзавым праекце Сяргей Скрыпнічэнка расказвае пра тыя часы, калі існаваў яго стары праект zygimont VAZA.
Аэрапланы ў вырай
Альбом «Аэрапланы ў вырай» карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі Несьцярэнкі. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні.
Gvalt
Гурт, які меўся быў называцца «Сьпевы прастытуткі», запісаў альбом цалкам прыстойных песень пад назваю «Гвалт».
Pradmova
TonqiXod напісалі музычную паэму ў сямі частках з эпілёгам і пасьляслоўем. Часткі гэтыя між сабою аніяк не стасуюцца, але па прачытаньні надта карціць адразу яе перачытаць.
Сонцам сагрэтыя
Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка часова прыпынілі працу над электрычнай праграмай, каб удваіх запісаць шыкоўны акустычны альбом.
Doŭhi-doŭhi dzień
Прадстаўнікі новага беларускага року Zolki band cтварылі магутную рэч — альбом-антыўтопію пра «Доўгі-доўгі дзень».
Белая вада
Самы доўгачаканы дыск 2014 году — «Белая вада» — ад заснавальнікаў беларускай плыні блюз-року.
К чорту гарэлку
Назва альбому настройвае на тое, што зараз хлопцы спартовага целаскладу ўрубяць чыста па мэтале і давядуць усім ісьціны пра гонар і годнасьць. Але канцэпцыя ня вытрыманая да канца.
Вясельле
У сваім трэцім нумарным альбоме гурт сабраў, упарадкаваў ды выканаў унікальны матэрыял, які дае ўяўленьне пра тое, як адбывалася вясельле ў беларусаў у даўнія часы.
Фотаздымкі 2003—2014
Гэты дыск не запісваўся адмыслова і ўяўляе зь сябе падборку песень розных гадоў, якія з розных прычынаў не былі паказаныя ў свой час. Пры гэтым «Фотаздымкі» можна назваць надзвычай важным рэлізам з пункту гледжаньня маральнага, які пры гэтым уяўляе немалую творчую вартасьць.
Osterweg
Гэты фольк-эмбіент праект не бярэцца ўздымаць пласт старадаўняй музыкі, яны ствараюць сваё на пэўным ідэйным падмурку зь вераю сьвятой, што Крывія — зямля наша.
Коска
Чытаць бы пяску ў рот набраўшы каньюнктурныя і штучныя тэксты — гэта не пра яго. Герой менскага рэп-андэграўнду выдаў свой першы беларускамоўны альбом.
Underdog
Герой Міхалка кінуў займацца агітацыяй і прапагандай на лініі фронту і проста вярнуўся дамоў, дзе адсутнічаў з другой паловы 90-х. Па сутнасьці, гэта тыя ж «песьні нашага двара», што і ў «Ляпісе» першага разьліву. Толькі што пяе іх ня той разьдзяўбай, а хлопец з суседняга пад’езду.
Mertvets
Для гурта «Нельга забыць» Багдановіч — пэрсанаж містычны, такі напаўпрывід з прымроенай краіны, якога яны нават параўноўваюць з героем Джоні Дэпа зь фільму Джармуша «Dead Man».
Virus
Гурт Amaroka мае за плячыма, страшна сказаць, амаль 10 гадоў і 5 альбомаў, але музыкі па-ранейшаму выглядаюць на пачаткоўцаў. А іх песьні месцамі нагадваюць раньні гурт :B:N:.
Апошні золак
Удзельнікі гэтага шыкоўнага праекту павярнулі кола гісторыі назад. Прычым адразу ў двух вымярэньнях.
Знак бяды
На дваццаты год існаваньня ўдзельнікаў мэтал-банды Hok-key занепакоіў стан айчыннай культуры, у выніку чаго паўстаў найлепшы альбом у іх дыскаграфіі, названы «Знак бяды».
Колеры
Гурт Avias запісаў альбом, па якім можна меркаваць пра сёньняшні ўзровень беларускай альтэрнатыўнай музыкі.
Rajok
Па шчырасьці, пры ўсім выканальніцкім таленце Сяргея Долгушава і яго калегаў раней яго праект «Vuraj» цяжка было ўспрымаць усур’ёз. З альбомам «Rajok» усё зьмянілася карэнным чынам.
Клятва вернасьці
Менскі прагрэсіў-рок гурт Like a Gossamer запісаў эпічны альбом, у якім галоўны герой прасьлізгвае скрозь часы і эпохі на манер герояў сэрыялу «Sliders».























