Мора
9882 / 0
26.09.2016

Uzari. Маё першае слова «Мора» (прэм’ера!)

Сьпявак Uzari прэзэнтуе ў межах аўдыёчарту на tuzin.byculture.org сваю першую аўтарскую песьню на беларускай мове.

«Мова, мара — мора ў кожным з нас», — пад такім слоганам Юзары прадставіў свой самотнік. Песьня «Мора» мае пакласьці пачатак новага этапу ў творчасьці сьпевака. «Я чакаў гэтага этапа з 2011 году і вось ён прысьпеў. Цяпер Юзары — гэта гурт. У мяне ёсьць каманда прафэсіяналаў, ёсьць кірунак, мэта і адчуваньне сучаснай гісторыі. І мы маем шмат падарункаў для нашых слухачоў, якія створаныя зь вялікімі пачуцьцямі і агнём. Першы зь іх — уласна гэтая песьня, якая зьяўляецца пачаткам сучаснага. Гэты твор паказвае глыбіню нашых думак і адчуваньняў, якія накіраваныя ў будучыню», — сказаў выканаўца з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm.

Цяпер Юзары выступае выключна ўжывую. Да яго далучыўся бас-гітарыст і аранжыроўшчык Аляксандар Верны, вядомы з гурта «Фляўс і Кляйнн», гітарыст Дзьмітры Маркаран і бубнач Алесь Собаль. Разам яны рыхтуюць цалкам беларускамоўную праграму. Сачыць за навінамі гурта Uzari можна праз афіцыйную суполку.

Самотнік «Мора» можна набыць на iTunes. Паслухаць песьню можна на Soundcloud. У аўдыёчарце на Tuzin.fm яна возьме ўдзел з 2-га туру сэзону 2016/2017.

Uzari — Мора (музыка — Юры Наўроцкі, словы — Мікіта Найдзёнаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Гляджу, але ня бачу берагоў,

Тану, але не адчуваю глыбіні

Спытаеш, для чаго

Сябе я перамог,

Калі я гэта прысьніў?

 

За гэтым часам будзе новы час

За даляглядам бачу новы далягляд

Чытаю па вачах:

Усё вакол для нас,

А ўсе сумненьні — пасьля.

 

Я тану ў тых хвалях.

Ты мяне абдымала.

За сабой так запрашала

Сьветлым агнём зьзяла

 

Па дробных кроплях я зьбіраў жыцьцё,

А ты прыйшла: прынесла колер і настрой

Якое адкрыцьцё

Мне гэта пачуцьцё,

І гэта толькі з табой